60 ХВІЛІН ПА-БЕЛАРУСКУ

     Ці часта нам і нашым дзецям даводзіцца чуць беларускую мову? На жаль, не. Між тым, любоў і цікавасць да роднага слова патрэбна развіваць і падтрымліваць змалку. Такога пункту гледжання прытрымліваеца кампанія Velcom, якая стала ініцыятарам адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з Velcom». Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь урокі матчынай мовы з поспехам прайшлі ў Мінску, Гомелі, Рэчыцы, Брагіне. У пачатку мая ўдзельнікі праекта наведалі  Жлобін.
   У госці да вучняў 2-3 класаў гарадскіх школ завіталі вядомыя беларускія пісьменнікі Раіса Баравікова і Уладзімір Ліпскі. На працягу гадзіны ў актавых залах устаноў адукацыі гучала мілагучная родная мова. Раіса Андрэеўна прачытала малодшым школьнікам свае вершы, а выступленне Уладзіміра Сцяпанавіча, які распавёў пра сваю працу, матулю і дзяцінства, апаленае вайной, некалькі разоў перарывалася апладысментамі. Варта адзначыць, што дзіцячая аўдыторыя была блізкая і добра знаёмая пісьменнікам: першы з’яўляецца галоўным рэдактарам вядомага беларускага часопіса «Вясёлка», а другая — аўтарам вялікай колькасці твораў для дзяцей. Не дзіва, што гэта сустрэча прынесла і гасцям, і вучням нямала пазітыўных эмоцый.
   — Шчыра кажучы, ехала на Жлобіншчыну і хвалявалася. Шмат чула пра гэтыя мясціны з вуснаў вашых землякоў Уладзіміра Федасеенкі і Аляксандра Капусціна, але ні разу не даводзілася тут пабываць. Прыемна ўразіла прыгажосць горада, які, здаецца, патануў у квецені садоў, чысціня яго вуліц. Што тычыцца непасрэдна мерапрыемства, то дзеці шчырыя, адкрытыя, вельмі цікаўныя. Яны ахвотна адказвалі на нашы пытанні. Упэўнена, што сярод іх ёсць і навукоўцы, і дактары, і інжынеры, якія ў будучым будуць праслаўляць свой родны куток, — гаворыць Раіса Андрэеўна.
    Арганізатары спадзяюцца, што зерне ведаў трапіла на спрыяльную глебу і неўзабаве прынясе свае плады. Між тым, праект працягне сваю вандроўку па Гомельшчыне, а ў новым навучальным годзе захапляльныя ўрокі на роднай мове пройдуць у школах Брэсцкай вобласці.

   ! Дадзены сацыяльны праект стартаваў у кастрычніку 2015 года. Ён яднае два напрамкі дзейнасці буйнейшага аператара мабільнай сувязі — клопат пра дзяцей і  захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Да адукацыйнай ініцыятывы далучыліся пісьменнікі, паэты, тэлевядучыя,спартсмены.

    Прыемна, што да ініцыятывы кампаніі Velcom далучылася і хакейная каманда «Металург». 
   — У клуба ёсць вызначаная папулярнасць, і за кошт яе можна прыцягваць увагу да канкрэтных пытанняў, як у нашым выпадку да беларускай мовы, — расказвае прэс-сакратар каманды Іван Грунтоў. — «Чытаем па-беларуску з Velcom» вельмі патрэбны для краіны праект, таму што, нават калі з 30 дзяцей 2 прасякнуліся атмасферай і ведамі, вынесенымі з уроку, — гэта ўжо велізарны ўклад. А дзякуючы таму, што ініцыятыва ахопіць усю Беларусь, зацікаўленых роднай мовай дзяцей стане нашмат больш.
   Для маленькіх жлабінчан была падрыхтавана інтэрактыўная гульня «Хакей па-беларуску». І няхай не ўсе спартыўныя тэрміны атрымоўвалася перакласці хутка і правільна, значны крок у папулярызацыі роднага слова на Жлобіншчыне ўжо зроблены.
Таццяна БАНДАРЧУК.
Фота прадастаўлена кампаніяй Velcom.

Рубрика: