«Мы пра яго не ведалі нічога…»

Апошні фотаздымак Фёдара Мельнікава. Фота з архіва Юліі Крывашэі

— Ніводную беларускую сям’ю не абмінула пажарышча вайны. Брата маёй бабулі Фёдара Мельнікава забралі ў Германію. Пра яго лёс мы доўгі час не ведалі нічога. Пасылалі запыты ў арганізацыі, архівы… — распавядае намеснік начальніка аддзела інфармацыі, ідэалогіі і развіцця персаналу Юлія КРЫВАШЭЯ.


Сям’і было вядома толькі, што ў 1942 годзе юнака разам с іншымі дзяўчатамі і хлопцамі з Гарочыч (вёска ў Калінкавіцкім раёне — Заўвага аўтара) адправілі на прымусовыя работы ў Германію. З дапамогай Чырвонага Крыжа родзічы Юліі Крывашэі даведаліся, што ўраджэнцы гэтай вёскі Фёдар Мельнікаў і Віктар Зіновіч былі жорстка закатаваны гестапаўцамі ў 1945 годзе і пахаваны на могілках ў Кёльне.


З успамінаў Надзеі Назаранка, дваюраднай сястры Фёдара Мельнікава:

«Я толькі і паспела паслаць два пісьмы. Гэта, дарэчы, дапамагло даведацца, што мой аднавясковец Федзя Мельнікаў знаходзіцца ў Кёльне, ён таксама пісьмо дамоў пасылаў. Федзю напісалі мой адрас. Яго гаспадары, калі ён паведаміў, што побач знаходзіцца яго дваюрадная сястра, сказалі яму: «Едзь, і калі яна згодна, забяры яе да нас». Федзя прыехаў у першы раз і расказаў пра ўсё гэта. Мы дамовіліся ў наступны яго прыезд збегчы. Так і зрабілі».


У новых гаспадароў на фірме «Неллен» Надзея займалася хатнімі справамі: прыбірала, гатавала ежу, даіла казу. Фёдар працаваў непасрэдна на фірме Іагана Неллена.
Дзесьці ў жніўні-верасні 1944 года ён разам з некалькімі палоннымі (астарбайтарамі) пакінуў сваё рабочае месца. Дзе і як беглякі разжыліся зброяй дакладна невядома, аднак неўзабаве яны пачалі ўзброенае супраціўленне нацыскаму рэжыму.


Фёдар Мельнікаў уваходзіў у адну арганізацыю з Іванам Завозіным, Іванам Трафімавым. «Па ініцыятыве нямецкага камуніста Ламберта Янзена рабочыя зрабілі радыёстанцыю ў падвале памяшкання, дзе жылі. Паколькі рабіць гэта было забаронена, то гэты момант і можна лічыць пачаткам дзейнасці арганізацыі. З радыёперадач падпольшчыкі атрымлівалі сапраўдную інфармацыю аб становішчы на франтах. Яе рабочыя запісвалі і распаўсюджвалі ў выглядзе лістовак. Агітавалі сваіх таварышаў спыніць працу і далучыцца да іх, — расказвалі сваім чытачам «Калінкавіцкія навіны». — Хлопцы праводзілі дыверсіі на суседніх прадпрыемствах. Аднойчы ноччу пачалася перастрэлка, у якой падпольшчыкі знішчылі некалькі фашыстаў. Пасля чаго хлопцы знікілі і нейкі час правялі на звалцы металалому. Праз тыдень яны з’явіліся ў Неллена. На пытанні і папярэджанні сяброў не адказвалі. У гэты час лік ішоў ужо на гадзіны. Гестапаўцы акружылі цэлы квартал у горадзе. Некаторых арыштавалі адразу. Астатніх узялі пазней».

Пра мітынг і перазахаванне зямлі расказалі «Калінкавіцкія навіны». Фота з архіва Юліі Крывашэі

Падпольшчыкаў кінулі ў гестапаўскі засценак , які ўнаходзіўся ў вёсцы Браувайлер, непадалёку ад Кёльна. Антыфашыста Ламберта Янзена, яго жонку і дзяцей амаль адразу і павесілі. Арыштаваных падпольшчыкаў падверглі жорсткім катаванням. Іван Трафімаў памёр ад пастаяннага збівання. А Фёдара Мельнікава і іншых супраціўленцаў 16 студзеня 1945 года перавялі ў гестапаўскі засценак ў Кёльне, дзе на наступны дзень і пакаралі смерцю. Герояў пахавалі ў брацкай магіле на Заходніх могліках ў Кёльне.


24 кастрычніка 1998 года ў Гарочычах адбыўся траўрны мітынг і перазахаванне зямлі з іх магіл. З Кёльна яе прывезла ў родную вёску сястра Фёдара Надзея Назаранка. У гэтым мітынгу ўдзельнічала і Юлія Крывашэя:
— Памятаю, што ў гэты дзень на могілках сабралася амаль ўся вёска. Прысутнічалі і мы, родныя Фёдара… Вучні мясцовай школы чыталі вершы, гучалі ўспаміны. Гэта было вельмі ўрачыстае мерапрыемства.

Ягор Крывашэя — адзін з удзельнікаў рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае». Фота з архіва Юліі Крывашэі

Сёння ўжо сама Юлія Мікалаеўна расказвае пра лёс свайго дзеда дзецям. Дачка і сын ведаюць, кім быў Фёдар Мельнікаў , чаму ён тірапіў у Германію. Пра гэта яны потым раскажуць сваім дзецям. Так з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца гэта гісторыя. Гісторыя барацьбы і мужнасці.




Like
Neutral
Haha
Wow
Sad
Angry