МУЗЕЙ ПАД АДКРЫТЫМ НЕБАМ, або ГІСТОРЫЯ НЕ ПА ПАДРУЧНІКУ

Лета — самы прыдатны час для падарожжаў ды вандровак. Адна з такіх паездак зладзілася напрыканцы ліпеня дзякуючы прафсаюзнаму камітэту Беларускага металлургічнага завода. Завадчане наведалі музей інтэрактыўнай гісторыі «Вялікае княства Сула», а таксама касцёл і музей габрэяў у вёсцы Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна.
ДАКРАНУЦЦА ДА ГІСТОРЫІ
Музей інтэрактыўнай гісторыі створаны на месцы паўразбуранага маёнтка сям’і Ленскіх, якіх і сёння шануюць жыхары навакольных вёсак. Нас, як ганаровых і доўгачаканых гасцей, сустрэлі каля брамы с барабанам, валынкай і верхавым суправаджэннем.

За амаль чатыры гадзіны экскурсіі мы змаглі пабачыць стаянку першабытных людзей, наведаць язычніцкае капішча, дзе паўдзельнічалі ў адным з рытуалаў нашых продкаў, і прыстань варагаў. Давялося нам і самім здзейсніць вандроўку «з варагаў у грэкі», праўда, каб патрапіць на драккар, патрэбна было адказаць на пытанні яго гаспадара ды паспрабаць свае сілы ў кіданні сякер. Свае здольнасці змагла ацаніць і я. На жаль, трапнасць ды цвёрдая рука — не мае лепшыя здольнасці і якасці.
А экскурсія тым часам ішла далей, дарэчы яна вялася на беларускай мове. Мы наведалі млын і ганчарню, дзе ўбачылі на свае вочы, як кавалак гліны пераўтвараецца ў даволі зграбны глечык. А патрымаўшы яго ў руках, з легкасцю ўпэўніліся, што гліну нездарма называюць падатлівай: посуд быў надзіва мяккім, бо яшчэ не абпальваўся на агні.

У Гатычным квартале мы пабачылі адноўленую Сульскую вежу і завіталі на майстар-клас да каваля. Езуіцкі калегіум, зала шляхецкай славы, галоўным экспанатам якой з’яўляецца «Галерэя гербаў» з самымі вядомымі эмблемамі беларускай шляхты і бровар з дэгустацыяй мясцовай «Старкі Запольскай» (яе дарэчы можна было потым набыць за 20 рублёў. Столькі каштуе паўлітровая бутэлька напою. – Заўвага аўт.)… Насычаная першая частка экскурсіі патрабавала падмацавання. Падсілкаваўшыся вельмі смачнымі блінамі з малінавым варэннем, мы рушылі далей. Музей хлеба ды сыру, аптэка-музей, прысвечаная дзейнасці вядомага мясцовага лекара Станіслава Іванавіча Вількоцкага, выстава карцін Алеся Пушкіна, сярод якіх ёсць творы, якія прымушаюць спыніцца і паразважаць над сэнсам і каштоўнасцю самога жыцця. Дом-музей Ленскіх, экспанаты якога захоўваюць памяць пра сваіх гаспадароў… А яшчэ беларускае падвор’е, дзе час ад часу было чуваць: «Дык гэта шафа, як у нас на дачы». Шчыра кажучы, нават вольнага часу мне не хапіла, каб пабываць усюды і як мае быць разгледзіць гэтыя мясціны. Захацелася прыехаць сюды зноў.

МОЙ ВЕРДЫКТ
І хоць аўтэнтычнага ў «Вялікім княстве Сулы» няшмат, хутчэй гэта неблагая гістарычная рэканструкцыя, я раю наведаць тыя мясціны. Гэта выдатны спосаб правесці выхадныя дні цікава і пазнавальна. Абавязкова вазьміце з сабою дзяцей. Гісторыя роднага краю, прадстаўленая ў выглядзе інтэрактыўных пляцовак, запомніцца лепей, чым любы параграф з падручніка па гісторыі. А калі ўлічыць, што экскурсія праводзіцца па-беларуску, то КПД ад дадзенай паездкі толькі павялічыцца.

Білет у інтэрактыўны парк-музей «Вялікае княства Сула» для дарослых каштуе 20 руб. (для падпісчыкаў іх суполак у сацыяльных сетках – 15), для дзяцей школьнага ўзросту – 10 руб. Бясплатна музей могуць наведаць дзеці да сямі гадоў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Героі СССР і Рэспублікі Беларусь. Улічыце таксама, што стравы і напоі на тэрыторыі парка каштуюць дорага, таму раю прыгатаваць бутэрброды дома.

ГІСТОРЫЯ АДНАГО КАСЦЁЛА І НЕ ТОЛЬКІ
Калі вы наведваеце Сулу, абавязкова заедзьце ў Рубяжэвічы. Што можа быць цікавага ў гэтым мястэчку, падобным на дзясяткі, сотні іншых? Па-першае, тут знаходзіцца касцёл святога Юзэфа (Іосіфа), пабудаваны намаганнямі прыхажан навакольных вёсак. Гісторыя гэтага будаўніцтва пачалася яшчэ ў 1866 годзе. Няпроста было атрымаць дазвол на яго (ініцыятара нават саслалі ў Сібір), няпроста ішло і само будаўніцтва. Тым не менш за чатыры гады, як таго патрабавалі царскія ўлады, касцёл быў пабудаваны. Ён ніколі не быў зачынены, сюды ў часы ганенняў прыносілі іконы, скульптуры з іншых касцёлаў. Пасля многае забралі, а вось скульптура Дзевы Марыі так і засталася ў Рубяжэвічах.
У касцёле гучыць арган. Упершыню пачуўшы гэты музычны інструмент, я была ўражана глыбінёй і ўрачыстасцю яго гучання. Між тым Рамуальда Ігнацьеўна Сабалеўская (жыхарка Рубяжэвіч і наш экскурсавод. — Заўвага аўт.) працягвае свой аповяд. Алтар і арган былі прывезены сюды з Вільнюса. Прычым музычны інстумент везлі на пяцідзесяці падводах. Сцены касцёла ўпрыгожваюць 12 барэльефаў, якія адлюстроўваюць апошнія дні жыцця Ісуса Хрыста. Тут знаходзіцца і ікона Дзевы Марыі Вастрабрамскай, падараванай касцёлу матуляй Янкі Купалы, якая нарадзілася ў гэтых мясцінах.
Рамуальда Ігнацьеўна шчыра і пранікнёна, без пафасу, расказвае пра веру, пра гісторыю касцёла, пра тое, як сюды прыводзяць сваіх дзяцей мінчане, бо некалі і яны самі хадзілі ў гэты касцёл, бо ў горадзе ні іх, ні іх дзяцей не ведае ніхто, а тут ўсе свае, усе знаёмыя.

Насупраць касцёла, дарэчы, знаходзіцца своеасаблівы музей пад адкрытым небам. Валуны прывезены жыхарамі ўсіх навакольных вёсак. Размешчаны яны не ў хаатычным парадку, а ў адпаведнасці з картай прыхода. У некаторых вёсках дажываюць свой век апошнія жыхары, а іншыя, увогулле, зніклі з геаграфічнай карты. І памяць пра іх захоўвае валун з высечанай на ім назвай населенага пункта. Наша знаёмства з Рубяжэвічамі і пачалося каля гэтай пляцоўкі з валунамі. Тут мы ўпершыню пачулі аповяд Рамуальды Ігнацьеўны, уразіла яе мілагучная мова і неабыякавасць да ўсяго, пра што яна расказвае. Шчыра кажучы, зрэдку стрымліваць слезы даводзілася не толькі мне.
Напрыканцы паездкі нам пашчасціла наведаць музей габрэйскай культуры. Размешчаны ён у рэстаўраваным доме аднаго з габрэяў, якіх раней у гэтай мясцовасці жыло шмат. У доме нямала аўтэнтычных рэчаў: ложак, у якім засела куля, шафа, посуд, валіза… А вокны дома выходзяць на брукаванку. Сёння гэта вузенькая камяністая сцежка, а колькі стагоддзяў назад гэта быў самы кароткі шлях да Вільні, і ехалі туды падводы і днем, і ноччу.
На жаль, часу нам бракавала, і Рамуальда Ігнацьеўна толькі збольшага распавяла нам пра побыт габрэяў і сам музей, які ствараецца намаганнямі габрэяў са ўсяго свету і мясцовых энтузіастаў, людзей неабыякавых да гісторыі і мінулага.
МОЙ ВЕРДЫКТ
Абавязкова наведайце Рубяжэвічы. Мястэчка і яго жыхары варты асобнай экскурсіі, бо ўражваюць сваімі энтузіазмам і натхненнем. Дарэчы, у Рубяжэвічах знаходзяцца таксама габрэйскія могілкі, якія даглядаюць мясцовыя жыхары (Тут у часы вайны знаходзілася ГЕТА. – Заўвага аўт.) і фітааптэка. Іншымі словамі, час, праведзены ў Рубяжэвічах, не будзе марным.

  • Удзельнікі экскурсіі выказваюць шчырыя словы падзякі прафсаюзнаму камітэту Беларускага металургічнага завода за арганізацыю паездкі.


Like
Neutral
Haha
Wow
Sad
Angry